Пасябруй з мовай з дзяцінства
У дзіцячай бібліятэцы гасцямі бібліятэкі ў дзень роднай мовы 21 лютага сталі самыя маленькія і самыя дапытлівыя — выхаванцы сярэдняй і старэйшай груп ясляў-сада “Дубок” Астраўца.
Дзеткі прыйшлі на чароўнае падарожжа “Па старонках роднай мовы”, каб разам з бібліятэкарамі павучыцца размаўляць на роднай мове, успомніць беларускія гульні, песні, казкі. Падарожжа складалася з цікавых прыпынкаў “Ветлівыя словы”, “Загадкі”, “Беларускія гульні”, “Забаўлянкі”, “Лічылкі”, “Беларускія казкі”. Дзеці актыўна ўключаліся ў гульні і забаўлянкі, паўтаралі родныя словы, лічылі па-беларуску, адгадвалі беларускія загадкі. Дзеці навучыліся вітацца, развітвацца, дзякаваць па-беларуску. Іх дапытлівыя вачаняты не пакінулі без увагі і кніжную выставу, прысвечаную беларускай мове. Завяршылася сустрэча праглядам мультфільма па матывах беларускай казкі “Піліпка”.