Вучыцца разумець радзіму
Сусветны дзень паэзіі – гэта свята не толькі шчыра адданых паэтычнаму мастацтву творцаў, якія ў сваёй штодзённай працы звяртаюцца да глыбінь чалавечай душы, абуджаючы ў сэрцах і розуме кожнага з нас моцныя перажыванні, але і ўсіх прыхільнікаў літаратуры.
А яшчэ менавіта праз паэзію, прозу мясцовых літаратараў можна вучыцца разумець радзіму– ў гэтым пераканаліся вучні ДУА “ВПК Варнянскі яслі сад-сярэдняя школа”. Менавіта ў гэты дзень, 21 сакавіка, калі ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень паэзіі, да іх завіталі літаратары аматарскага аб’яднання “Астравецкай зямлі галасы”.
Са сцэны актавай залы гучалі вершы Марыі Пешка, Людмілы Кухарэвіч, Святланы Бацюлевай, Святланы Фёдаравай, Аляксандра Марозава, паэтычныя мініяцюры ў прозе Святланы Еўтушэнка. У гэты дзень кожны прысутны ў зале мог знайсці словы, напісаныя менавіта для яго.