Астравеччына ваенная
3 ліпеня наша краіна будзе адзначаць 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта гэтай падзеі было прымеркавана пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Актыўнае даўгалецце”.
Як заўсёды, на пасяджэнне былі запрошаны госці. З вялікай цікавасцю прысутныя слухалі галоўнага захавальніка фондаў ДУК “Астравецкі гісторыка-этнаграфічны музей” Вайшнаровіч Ванду Міхайлаўну, якая расказала аб Астравеччыне ў гады вайны: аб пачатку вайны, дзейнасці партызанскіх савецкіх і польскіх атрадаў, лёсе мясцовых яўрэяў, фашысцкіх расправах над мірным насельніцтвам, вызваленні Астравеччыны. Яе дапоўніла старшыня Астравецкага раённага Савета ветэранаў Шляхтун Ірына Баляславаўна, якая паведаміла аб лёсе хаты-чытальні в. Малі ў 1940-1941гг.
Бібліятэкары пазнаёмілі прысутных з разгорнутай выставай-панарамай “Беларусь памятае!” аб нашых ветэранах-земляках, краязнаўчых дакументах. На прыканцы сустрэчы, за кубачкам гарбаты, усхваляваныя прысутныя таксама падзяліліся ўспамінамі аб ваенных гадах, аб лёсах сваіх бацькоў, родных.