Падарожжа па Ашмяншчыне
30 мая ў Год малой радзімы ўдзельнікі клуба “Актыўнае даўгалецце” здзейснілі цікавае падарожжа па маляўнічым кутку Беларусі – Ашмянскім узвышшы. Падарожжа поўнае прыгожых легенд і помнікаў сівой даўніны.
Дырэктар Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф.К. Багушэвіча Настасся Навіцкая, якая ў гэты дзень была і гідам, правяла цікавую экскурсію па музеі. Тут вельмі шмат цікавых экспанатаў, арыгінальнае афармленне экспазіцыйных залаў; вітражы, дзе адлюстравана гарадская плошча пачатку ХХ стагоддзя, і адначасова праз акно бачыш яе сучасны выгляд. Асаблівай увагі заслугоўваюць дызайнерскія шпалеры з выявай карты ВКЛ, бягучы радок з вершам Францішка Багушэвіча “Мая дудка”, якімі аздоблены сцены музея.
Пад час экскурсіі ўдзельнікі клуба наведалі касцёл Святога Міхаіла Архангела ў Ашмянах, царкву Уваскрашэння Хрыстова, будынак былой сінагогі (1912 г.), Гальшанскі касцёл Святога Яна Хрысціцеля, рэшткі Гальшанскага замка, помнік Софіі Гальшанскай, унікальны турыстычны аб’ект Геадэзічны пункт Тупішкі, касцёл Святых Пятра і Паўла ў вёсцы Баруны.