Творчая сустрэча ў гасцёўні “Званы госць”
19 чэрвеня ў Астравецкай раённай бібліятэцы ў гасцёўні “Званы госць” прайшла творчая сустрэча з пісьменнікам Смаргоншчыны Мікалаем Аляксандравічам Цітаўцом, прымеркаваная да 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Мікалай Аляксандравіч родам з Ульянаўскай вобласці, а ў Беларусь трапіў па размеркаванню пасля заканчэння Саратаўскага будаўнічага тэхнікума ў 1972 годзе. Доўгі час працаваў у Астраўцы прарабам, майстрам будаўнічых аб’ектаў. Зараз ён на заслужаным адпачынку, жыве ў Смаргоні і піша вершы. Яго творы і прэзентавалі ў Астравецкай гасцёўні “Званы госць”. Былы кіраўнік будаўнічай арганізацыі Мар’ян Станіслававіч Ган, які таксама прыйшоў на сустрэчу з Мікалаем Аляксандравічам адзначыў не толькі яго арганізатарскія здольнасці ў прафесіі, але і паэтычны талент.
Аляксандр Аркадзьевіч Якіменка, мясцовы кампазітар, склаў музыку да некалькіх песень аўтара, адна з якіх — “Ветэраны” на слова М.А.Цітаўца прагучала для прысутных у гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.