Верасень 25

Музычна-паэтычная імпрэза са Станіславам Валодзькам

У Год малой радзімы Астравецкая раённая бібліятэка 24 верасня ладзіла творчую сустрэчу з паэтам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, Рускай пісьменніцкай арганізацыі Латвіі і Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў – Станіславам Віктаравічам Валодзькам.

Мерапрыемства праходзіла ў сценах актавага зала ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Астраўца”, на якое былі запрошаны вучні 9 і 10 класаў школ горада.

Станіслаў Віктаравіч прэзентаваў свае новыя паэтычныя кнігі і зборнікі вершаў, казкі і апавяданні для дзяцей: “На гэтай зямлі”, “Песенны масток”, “Радужные нотки”, “Кветкі для мамы”.

Удзельнікі мерапрыемства пачулі шмат вершаў паэта, прасякнутых тэмай радзімы і роднай мовы, захавання каштоўнай духоўнай спадчыны бацькоў, тэмай кахання і прыроды. Свае вершы чытаў сам аўтар і вучні старэйшых класаў нашага горада.

На вечарыне гучалі песні на беларускай мове — як аўтарскія, так і ў перакладах  Станіслава Валодзькі з латышскай і польскай моваў. Выконвалі іх астравецкі кампазітар і выканаўца Аляксандр Якіменка, а таксама госці з Латвіі.

Цёплыя віншаванні, добрасардэчныя пажаданні і словы ўдзячнасці пачуў Станіслаў Валодзька ад члена Беларускага саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі Ніны Рыбік, старшыні Астравецкага раённага Савета ветэранаў Ірыны Баляславаўны Шляхтун, дырэктара Астравецкай раённай бібліятэкі Чаркінай Ірыны Уладзіміраўны.

Музычна-паэтычная імпрэза прайшла ў сяброўскай, нязмушанай атмасферы і завяршылася песняй на словы Станіслава Валодзькі ў выкананні замежных гасцей.

 




Апублікавана 25.09.2019 Голуб Н.В. у рубрыцы "Вынікі 2019", "Лепшае 2019", "Мерапрыемствы

Добавить комментарий