Старонкі «Сямейнага альбома» Уладзіміра Жылкі
Бібліятэкар Альхоўскай сельскай бібліятэкі пазнаёміла сваіх чытачоў з творчасцю беларускага паэта, перакладчыка, публіцыста, крытыка Уладзіміра Жылкі, якому 27 мая споўнілася 120 год з дня нараджэння.
Юлія Аляксандраўна зрабіла агляд твораў і цікава расказала што “дзед паэта па маці, патрыярх роду – Ануфрый Раманейка, які ў сваім паважаным веку, захаваўшы ясны розум, сам вучыў унукаў. Пражыў 112 гадоў. “Ён ганарыўся сваёю жыццяздольнасцю, любіў казаць, што калісь жаніўся ў лапціках, а на старасці ходзіць у добрых ботах. Хоць сам ён і не ўмеў ні чытаць, ні пісаць, але заўсёды сачыў, ці добра падрыхтавалі ўнукі чытанне. Памяць у яго была адменная, стары запамінаў з першага разу прачытаны кімсьці граматным кавалак падручніка і правяраў унукаў так, што тыя і ў думках не важыліся ашукаць непісьменнага дзеда”.
Хрэстаматыйная, запатрабаваная грамадзянская, філасофская, інтымная лірыка У. Жылкі традыцыйна ніяк не магла адвесці месца просценькім вершам, што пісаліся далёка ад Беларусі, а адрасаваліся самаму дарагому чалавеку, хоць трохі кампенсоўваючы пазбаўленасць бацькоўскай радасці:
Каля могілак у вёсцы
Жыве мая матулечка
І любімая дачушка
Маленькая Атулечка.
У бабулі сад кашлаты,
У саду тым хатачка:
Там жыве каток мурзаты
І дачушка Атачка.
Пакаціў каточак шпулечку –
Не дурэй, малюсенькі.
Скора татачка прыедзе
Да сваёй Атусенькі.
Слухай, мілая, бабульку,
Не смуткуй, гуляй…
Буду жыў, к табе вярнуся.
Чакай… Не забывай!