Дзяды — дзень памінання продкаў
1 лістапада ў Рытанскай сельскай бібліятэцы прайшла гадзіна гісторыі “Дзяды — дзень памінання продкаў”. “Дзядамі” беларусы называлі ўсіх памерлых сваякоў. Святкаванне адпаведнага памінальнага дня лічылася знакам шанавання, асаблівай павагі да продкаў, сваіх каранёў.
Бібліятэкар Ганна Сільвестраўна расказала дзецям гісторыю ўзнікнення традыцыі “Дзядоў”: “Акрамя наведвання могілкаў, адным з абавязковых атрыбутаў гэтага дня з’яўлялася сямейная вячэра ў гонар продкаў, у час якой людзі маліліся, успаміналі дзядоў і клікалі іх да сябе на вячэру, пакінуўшы свабодныя месцы за сталом. Асобна неабходна нагадаць, што паводзіны ўсіх удзельнікаў памінальнай вячэры павінны быць сціплымі, стрыманымі. Сям’я збіраецца за агульным сталом, запальваецца свечка. Перш чым сабе, па кожнай страве спачатку адкладваецца ў асобны прыбор для “дзядоў”. У працэсе трапезы па чарзе ўзгадваюцца памерлыя сваякі амаль да сёмага калена. Так сям’я заручаецца падтрымкай на нябёсах на цэлы год. Аднак галоўнае – гэта спрыяе кансалідацыі сям’і: малодшыя ведаюць і паважаюць свой род, і потым перададуць гэтую павагу сваім дзецям.”