Навагодняя сустрэча “Новы год спяшаецца ў госці”
У Астравецкую дзіцячую бібліятэку напярэдадні навагодніх святаў завітаў Дзед Мароз, каб павіншаваць дзяцей і падарыць ім добры святочны настрой.
Навагодняя сустрэча “Новы год спяшаецца ў госці” сабрала актыўных наведвальнікаў бібліятэкі. Дзеці прыйшлі ў прыгожых убраннях, падрыхтавалі вершы, песні.
Для гасцей правялі гульню “Чым мы ўпрыгожваем елку”, а потым усе разам запалілі агеньчыкі на елачцы і вадзілі вакол яе карагод. Школьнікі паглядзелі ўрыўкі з навагодніх мультфільмаў і называлі іх, адгадвалі казкі па казачных прадметах.
Падчас свята ў бібліятэцы з’явілася Падчарка з казкі “Дванаццаць месяцаў” і расказала, што мачаха загадала ёй знайсці пралескі. Дзеці згадзіліся дапамагчы дзяўчынцы, і выканалі для гэтага пэўныя заданні. Але перашкоду ім хацелі ўчыніць злыя Каронавірусы. Удзельнікі свята прагналі ворагаў і нагадалі адзін аднаму пра правілы абароны ад вірусаў.
Дзеці вырашылі звярнуцца за дапамогай да Дзеда Мароза і напісалі яму ліст на электронную пошту, папрасілі знайсці пралескі.
Дзед Мароз вырашыў сам завітаць у бібліятэку, уручыў Падчарцы кветкі, павіншаваў усіх з надыходзячым Новым годам. Усе дружна сталі ў карагод, праспявалі навагоднія песенькі, а потым Дзед Мароз з задавальненнем паслухаў падрыхтаваныя гасцямі вершы і песні. Кожны ўдзельнік атрымаў цукеркі і падарункі. І канешне, госці сфатаграфаваліся на памяць з навагоднім чараўніком.
Дзеці правялі вольны час у бібліятэцы ў святочным настроі і атрымалі пазітыўныя эмоцыі.