Некалькі слоў пра каханне…
Каханне – пачуццё, якое дапамагае дзейнічаць, тварыць, змяняцца да лепшага. Яно раскрывае найлепшыя бакі чалавечай натуры, расквечвае душу, дорыць радасць. Кожная жанчына з дзяцінства марыць быць каханай, уяўляе сябе гераіняй рамана. А наблізіцца да той незвычайнай рэчаіснасці дапамагаюць улюбёныя творы.
Напярэдадні Дня закаханых у Палушскай сельскай бібліятэцы-клубе з’явілася незвычайная выстава-інсталяцыя “Читаем книги о любви”, якая прыцягвае ўвагу кожнага наведвальніка. Акно бібліятэкі ўпрыгожана папяровымі выцінанкамі з сілуэтамі закаханых, а на паліцы стос кніг утварае сэрца. Кнігі падабраны згодна з тэматыкай свята. Пераважаюць раманы пра каханне. Такія творы чытаюцца на адным дыханні, дапамагаюць акунуцца ў атмасферу рамантыкі і бесклапотнасці. Аўтарам дадзенай выставы стала Наталля Уладзіміраўна Баран, якая ўжо доўгі час працуе ў бібліятэцы і добра ведае густ амаль кожнага наведвальніка. Бібліятэкар зазначае, што раманы асаблівай папулярнасцю карыстаюцца ў дзяўчат і жанчын. Яны ў большай ступені патрабуюць прыгажосці і рамантыкі ў штодзённым жыцці. Ідэю стварыць выставу ў такім арыгінальным выглядзе падказала само свята і яго нязменны сімвал – сэрца.
Кожны жадаючы можа наведаць бібліятэку, пазнаёміцца з выставай і выбраць кнігу, якая спадабаецца.