Паэтычная спадчына Казіміра Сваяка
Асоба Казіміра Сваяка заўсёды прыцягвала ўвагу даследчыкаў і навукоўцаў. За сваё нядоўгае жыццё святар паспеў зрабіць многае. Гэта выдатны прамоўца, драматург, паэт. Яго пропаведзі краналі прысутных, прымушалі задумацца над сэнсам уласнага жыцця, а паэтычны талент дапамагаў выказваць думкі ў творчай форме. У невялікім аграгарадку Варняны да гэтага часу памятаюць свайго таленавітага земляка. Тут час ад часу праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя жыццёваму і творчаму шляху святара.
У аддзеле культуры і вольнага часу аграгарадка Варняны ў канцы лютага прайшло чарговае мерапрыемства. Імпрэза “Паэтычная спадчына Казіміра” Сваяка пачалася з уступнага слова пробашча мясцовай парафіі Віктара Захарэўскага, які яшчэ раз прыгадаў цікавыя факты з жыцця Казіміра Сваяка, паблагаславіў прысутных. Супрацоўнікі клуба і бібліятэкі чыталі пранікненыя вершы паэта. Пра жыццёвы і творчы шлях узгадала Людміла Кухарэвіч. Яна назвала вершы, прозу, дзённікавыя запісы святара сапраўдным набыткам для нашчадкаў і паслядоўнікаў.
Прынялі ўдзел у мерапрыемстве вучні Варнянскай сярэдняй школы, якія таксама падрыхтавалі ўрыўкі з яго дзённікавых запісаў, вершы і прозу. Імпрэза закранула кожнага і дала магчымасць яшчэ раз звярнуцца да выдатных тэкстаў.