Счастье, солнце, дружба – вот что детям нужно
Лета – час новых адкрыццяў, гульняў і забаў. Гэтая ісціна добра вядома і дзецям, і дарослым, таму час летніх канікул павінен быць праведзены з карысцю. 2 чэрвеня ў сельскай бібліятэцы аграгарадка Міхалішкі прайшоў дзень вясёлых задум “Счастье, солнце, дружба – вот что детям нужно”.
Мерапрыемства было падрыхтавана да Дня абароны дзяцей. Свята атрымалася вясёлым, шумным і цікавым. Бібліятэкар Багдановіч В.А. падрыхтавала вясёлыя конкурсы, цікавыя віктарыны, займальную гульнёвую праграму. Кожны ўдзельнік меў магчымасць прадэманстраваць спрыт, уменне мысліць лагічна. Вялікая ўвага на свяце надавалася раскрыццю творчых здольнасцей. Юныя чытачы разам з бібліятэкарам спявалі песні з любімых мультфільмаў і нават танцавалі. А для тых, хто не любіць танцы, была падрыхтавана мастацкая пляцоўка. На асфальце дзеці адлюстроўвалі сваё бачанне шчаслівага дзяцінства. Малюнкі атрымаліся цікавымі і незвычайнымі. Хтосьці бачыў шчасце ў сям’і, хтосьці намаляваў сваіх сяброў, а хтосьці – хатніх пітомцаў. Акрамя таго, была арганізавана кніжная выстава “Дзеці. Лета. Кніга”. Удзельнікі з радасцю знаёміліся з кніжнымі навінкамі, гарталі выданні, чыталі. Многія пасля вярнуліся ў бібліятэку за чарговым выданнем, якое спадабалася.
Дзеці – сэнс жыцця. Гэтую думку яшчэ раз падкрэсліла вясёлае дзіцячае свята, якое не дало засумаваць ні дзецям, ні дарослым.