Лiпень 29

Паэтычныя лекі ад бібліятэкі

Літаратура – гэта лек ад усіх хваробаў. Яна аздараўляе душу, узвышае, выхоўвае. Гэтую ісціну добра засвоілі Астравецкія літаратары. Раённая бібліятэка арганізавала творчую сустрэчу “Стихи и музыка как дар” у гарадскім скверы. У імпрэзе прынялі ўдзел прадстаўнікі літаратурнага аб’яднання “Астравецкай зямлі галасы”: Кухарэвіч Л.І., Пятроўская К.Ц., Марозаў А.І. і іншыя. Таленавітыя майстры слова не пабаяліся прадставіць на суд грамадскасці свае творы.  У гэты дзень гучалі вершы, ліліся песні ў аўтарскім выкананні. Многія друкуюцца ў газеце “Астравецкая праўда” і рэспубліканскіх СМІ. Слухачы з задавальненнем падтрымлівалі таленавітых землякоў.

Кажуць, што паэзія не для маладых. Гэты стэрэатып абвергла моладзь, якая таксама ўдзельнічала ў мерапрыемстве. Не абышлося і без матуль з дзеткамі. З малых гадоў яны імкнуцца прывіць сваім дзецям любоў да слова і мастацтва.

Аўтары падышлі творча да імпрэзы. Слухачам яны прадставілі розныя творы: любоўная лірыка, патрыятычныя творы, вершы пра прыроду. Кожны твор знайшоў свайго адрасата. Асабліва парадавалі прысутных гумарыстычныя вершы і байкі. Хтосьці пазнаў у героях баек сябе, сваіх суседзяў і блізкіх, хтосьці пасмяяўся ад душы. Патрыятычныя вершы ўнеслі сур’ёзнасць. З замілаваннем і шчырасцю паэты чыталі вершы пра родны край, хараство яго прыроды. Не забыліся і пра родную Астравеччыну. Аўтары прыгадалі як важна захоўваць адзінства і заставацца моцным і нязломным народам, а таксама зберагчы тыя набыткі, якія ўжо ёсць.

Асобнае месца на мерапрыемстве было адведзена тэме спорту. Прысутныя гаварылі пра спорт, яго летнія віды, пагутарылі і пра актыўны адпачынак. Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі віктарыну, прысвечаную розным відам спорту, а таксама былі падрыхтаваны выставы “Олимпиада – праздник спорта!” і “Солнечное лето”. Удзельнікі актыўна адказвалі на пытанні, дзяліліся ўражаннямі .

Магутнай крыніцай лілася паэзія ў гэты дзень і напаўняла сэрцы гараджан радасцю і спакоем. Прысутныя былі ўдзячныя майстрам слова і раённай бібліятэцы, якія падаравалі ім свята.

 

 

 




Апублікавана 29.07.2021 Голуб Н.В. у рубрыцы "Лепшае 2021", "Мерапрыемствы

Добавить комментарий