Свет не павінен такое забыць
Халакост – сумная старонка ў нашай гісторыі. 27 студзеня – дзень памяці ахвяр Халакосту. У гэты дзень кожны смуткуе аб людзях, якія загінулі падчас правядзення гэтай варварскай акцыі.
Прыгадалі сумныя падзеі і навучэнцы 7 класаў школы №3 г.Астраўца на гадзіне памяці “Свет не павінен такое забыць”. Мерапрыемства было падрыхтавана і праведзена супрацоўнікамі Астравецкай раённай бібліятэкі для школьнікаў у рамках праекта “Сэрцам адданыя роднай зямлі”. Для многіх слова “халакост” было невядомым. Мы жывем у іншы час, калі кожнае жыццё мае сваю каштоўнасць. У час, калі шануюцца людзі розных нацыянальнасцей і веравызнанняў.
Аднак пакаленне моладзі павінна ўсведамляць, што былі і іншыя імгненні, напоўненыя смуткам, болем і тугой. Да гэтага моманту яны адгукаюцца ў нашых сэрцах.
Бібліятэкары растлумачылі школьнікам значэнне словаў “халакост”, “гета”, пагаварылі пра жорсткія эксперыменты фашызму над людзьмі. Аповед суправаджаўся мультымедыйнай прэзентацыяй. Пасля адбылося кароткае апытанне па тэме. Было бачна, што інфармацыя ўзрушыла кожнага, прымусіла задумацца над каштоўнасцю кожнага жыцця. Вядомы афарызм сцвярджае: “Пакуль чалавек адчувае боль – ён жывы, пакуль чалавек адчувае чужы боль – ён чалавек”.
Такія трагедыі не павінны паўтарацца, а новае пакаленне павінна быць выхавана на аснове гуманістычных каштоўнасцей.