Міжнародны дзень сям’і
15 мая – асаблівы дзень. Менавіта гэта дата з’яўляецца Днём сям’і. З гэтай нагоды філіял “Палушская сельская бібліятэка-клуб” разам з калектывам “Польскае рэха Астраўца” правялі святочнае мерапрыемства “Міжнародны дзень сям’і”, якое сабрала яркія, таленавітыя, крэатыўныя сям’і з аграгарадка і наваколля. Усмешкі, жарты, дзіцячыя галасы магутным патаком разбіліся па прасторнай зале.
Мерапрыемства пачалося з прывітальнае слова. Супрацоўнік філіяла павітала сем’і, павіншавала ўсіх прысутных з гэтым добрым, сапраўды цёплым святам і, тым самым, дала старт мерапрыемству: “Няхай у вашых сем’ях заўсёды пануюць любоў, гармонія і паразуменне”. І, мабыць было б не справядліва, не пачуць першымі на сцэне запрошаны калектыў “Польскае рэха Астраўца”, які падараваў выдатны настрой гледачам.
Пасля пагаварылі пра этапы пабудовы сям’і. Прысутныя прыпомнілі свой найважнейшы дзень у жыцці, уражанні, смешныя моманты. Далей распачалася конкурсная праграма. Парам прыйшлося прыгадаць назвы сваякоў. Не ва ўсіх гэта атрымалася. Пары з большым сямейным стажам хутчэй прыгадвалі назвы роднасці і сваяцтва. Некаторыя пад крэслам адшукалі рамонак. Гэта кветка здаўна лічыцца сімвалам сям’і і дабрабыту. Шчасліўцы, якія адшукалі сонечную кветку, атрымалі падарункі.
Сваркі, звадкі – усё гэта сустракаецца ў сем’ях, аднак, нягледзячы на гэта, пары клапоцяцца адзін аб адным як і шмат гадоў таму. Сям’я Леакадзіі і Мечыслава Лапшэвічаў існуе ўжо 53 гады. Іх саюз аказаўся моцным, прайшоў праверку часам.
Супрацоўнік бібліятэкі падрыхтавала адпаведныя намінацыі, якія былі прысуджаны самай маладой сям’і, самай таленавітай, сям’і з самым вялікім стажам. У гэты дзень гучала мноства народных, эстрадных, вясёлых і душэўных песень і, сапраўды, хацелася падпяваць артыстам. Прысутным цяжка было ўтрымацца на месцах, каб не пусціцца ў танцы, асабліва,калі на сцэну з песняй “Жона моя” выйшаў Дзмітрый Грамбоўскі, які быў вызначаны ў намінацыі “Самая таленавітая сям’я”.
Для аматараў чытання была падрыхтавана выстава літаратуры “Усёй сям’ёй ля кніжнай паліцы”. Кожны мог пазнаёміцца з прапанаванай літаратурай.