Лiпень 25

Свята вёскі і пленэр мастакоў “И нет в целом мире прекрасней деревни моей”

24 ліпеня ў аграгарадку Трокенікі прайшло свята вёскі, якое сабрала жыхароў, гасцей і аматараў вясковага адпачынку. “И нет в целом мире прекрасней деревни моей” – пад такой сімвалічнай  назвай прайшло мерапрыемства. Гісторыя вёскі багатая і незвычайная. Яна налічвае ўжо 560 год. За гэты час змянілася шмат пакаленняў, змяніўся і выгляд мястэчка, колькасць насельніцтва, аднак незвычайная ўтульнасць і простасць засталіся. Здаецца, што кожны камень і кожнае дрэўца тут дыхае даўніной. Пра багатую гісторыю нагадвае і сядзіба дзевятнаццатага стагоддзя, дзе калісьці жыў і працаваў знакаміты мастак Мар’ян Богуш-Шышка. Велічны дом у стылі неабарока, які атачаюць флігель і стайня ў чырвонай цэглы, уражваюць сваёй вытанчанасцю і веліччу. З 1996 года тут размяшчаецца бібліятэка-клуб. Сімвалічна, што менавіта ў гэтым месцы была прадстаўлена выстава копій прац таленавітага мастака. На працягу цэлага дня жыхары і госці мелі магчымасць мець жывую сувязь з выяўленчым мастацтвам: быў арганізаваны пленэр мастакоў “Лета ў правінцыі. Сядзіба Мар’яна Богуша-Шышкі-2022”, у якім прынялі ўдзел таленавітыя, цудоўныя мастакі.

Акрамя прац выяўленчага мастацтва, дзяліліся сваім талентам жыхары Трокенік – майстры  дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Прадстаўленыя працы адкрылі даўно знаёмага чалавека з новага творчага боку. На выставе “Щедра талантами родная сторона” былі прадстаўлены работы, выкананыя ў розных тэхніках – вышыўка крыжыкам, пацеракамі, вязанне кручком, упрыгожванні з бісеру, алмазная мазаіка, макрамэ, пляценне рэзінак.

А пачалося свята з урачыстай часткі “Мая вёска – мая сям’я”.  Было сказана шмат цёплых і шчырых слоў у адрас любімай весачкі , яе жыхароў.

Кожная бібліятэка ганарыцца сваім “залатым фондам” – гэта самыя верныя, актыўныя, добразычлівыя, ініцыятыўныя, таленавітыя і пастаянныя карыстальнікі бібліятэкі. Такія чытачы  таксама ёсць і ў Трокеніцкай бібліятэцы-клубе, якія былі ўзнагароджаныя як лепшыя чытачы.

Працягнуў свята канцэрт артыстаў мастацкай самадзейнасці. Песні, танцы – усё гэта вяртала прысутных да вытокаў, давала адчуванне еднасці і спакою. Гульнёвая праграма для дзяцей, майстар-класы па выцінанцы і  саломапляценню, этнатанцы, дыскатэка, – кожны мог знайсці сабе занятак па інтарэсах. Хтосьці аддаў перавагу шпацыру па вёсачцы і знаёмству з яе гісторыяй і прыродай.

 




Апублікавана 25.07.2022 Голуб Н.В. у рубрыцы "Лепшае 2022", "Мерапрыемствы

Добавить комментарий