Кастрычнiк 31

Зямелькі роднай талент і натхненне

Каб пазнаёміць бліжэй чытачоў з творчасцю таленавітага земляка, паэта, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслава Валодзькі, у  Астравецкай раённай бібліятэцы 30 кастрычніка адбылося спатканне сяброў і аматараў прыгожага пісьменства на творчай сустрэчы “Зямелькі роднай талент і натхненне”.

Добрай нагодай для  сустрэчы стаў выхад у свет дзвюх кніг Станіслава Віктаравіча – збор твораў у дзвюх тамах, якія рыхтаваліся на працягу апошніх гадоў, дзе змешчаны рэцэнзіі і фоталетапіс. Гэтыя выданні – сапраўдны скарб для прыхільнікаў творчасці паэта.

Ва ўтульнай чытальнай зале гучалі вершы, як  у выкананні дзяцей і бібліятэкараў, так і самаго паэта, ліліся песні “Астравеччына край дарагі”, “Дачка лясніка”, “Памяці Казіміра Сваяка”, “У Міхалішскім касцёле”, якія выконваў Астравецкі зямляк, музыкант, кампазітар і добры сябар – Аляксандар Якіменка.

Падтрымаць пісьменніка прыехала ўся яго таленавітая, вялікая і дружная сям’я: жонка, дзеці, унукі, нявестка. Нават яго нявестка выразна, пранікнёна і даволі артыстычна прачытала адзін з вершаў Станіслава Віктаравіча. Далучыліся да прачытання па ролях і жонка з унукам Аляксеем і ўнучкай Ксеніяй. Трэба зазначыць, што паэтычны талент перайшоў у спадчыну аднаму з сыноў пісьменніка. Спрабуе сябе ў вершаскладання і нявестка.

Са словамі падзякі і шчырымі віншаваннямі звярнулася да паэта Ніна Аляксееўна Рыбік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, апантаны сваёй справай чалавек, таленавітая журналістка. Яна пажадала калегу па творчаму цэху поспехаў, новых адкрыццяў і натхнення. З падзячным словам звярнулася і Наталля Ачарэтава, дырэктар бібліятэкі, якая падзякавала аўтару за творчую імпрэзу і запрасіла прыязджаць часцей.

Сустрэча кранула прысутных, дапамагла з’яднацца з прыгожым, адчуць значнасць паэтычнага слова для кожнай душы.




Апублікавана 31.10.2022 Голуб Н.В. у рубрыцы "Лепшае 2022", "Мерапрыемствы

Добавить комментарий