Рэха чарнобыльскай катастрофы
Чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Актыўнае даўгалецце” адбылося ў Астравецкай раённай бібліятэцы 28 красавіка. Удзельнікі клуба не маглі абысці ўвагай тэму аварыі на Чарнобыльскай АЭС і таму на сустрэчу з імі бібліятэкары запрасілі Ніну Аляксееўну Рыбік і Івана Тамашавіча Ярашэвіча.
Ніна Аляксееўна з тых, каму давялося пакінуць радзіму, хто пацярпеў ад чарнобыльскай катастрофы. Яна падзялілася з прысутнымі ўспамінамі аб далёкім 1986 годзе. Расказала, як спасаліся ад радыяцыі, якія цяжкасці выпалі на долю сям’і, як высялялі з роднай вёскі яе бацькоў.
Маёр міліцыі ў запасе, Іван Тамашавіч, быў у забруджаным Брагінскім раёне ў красавіку 1987 года, праз год пасля аварыі. Расказаў, як месяц жылі ў выселенай вёсцы ў будынку школы. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў адказвалі за захаванне дзяржаўнай і асабістай маёмасці, падтрыманне прапускнога рэжыму і грамадскага парадку на тэрыторыі забруджаных абласцей, ў 30-ці кіламетровай зоне. У той час яму было толькі 22 гады.
Пройдзе яшчэ не адзін дзясятак гадоў, але аварыя на Чарнобыльскай АЭС так і застанецца хворым пытаннем для нас, незагойнай ранай у душы і не адыходзячай трывогай…