Літфэст па-астравецку
Вядомы афарызм гаворыць: “Рыхтуй сані летам, а калёсы зімой”. Лета якраз той час, калі неабходна рыхтавацца да зімы. Руплівыя гаспадыні ўжо заставілі паліцы нарыхтоўкамі і знаходзяцца ў пошуках новых цікавых рэцэптаў.
Астравецкая раённая бібліятэка вырашыла дапамагчы ў гэтай нялёгкай справе і падрыхтавала ў гарадскім скверы мерапрыемства “Дачное лето и чтение”. Сапраўднай знаходкай для руплівых гаспадынь Астравеччыны сталі выставы “Будьте ловки на заготовки” і “У*Дачное лето”. Тут жадаючыя маглі пазнаёміцца з кулінарнымі часопісамі, кнігамі і газетамі, выбраць патрэбныя рэцэпты і пры неабходнасці сфатаграфаваць.
Супрацоўнікі бібліятэкі сабралі рэцэпты кансервавання нашых бабуль і прабабуль, раскрылі сакрэты і спосабы правільнай кансервацыі. А іх безліч. Некаторых гаспадынь зацікавілі рэцэпты варэння і кампотаў, хтосьці знайшоў новы спосаб прыгатавання квашанай капусты, а кагосьці прывабілі салаты і грыбы.
Кнігі і часопісы разляцеліся як гарачыя піражкі і тым самым далі магчымасць здзівіць родных і гасцей новымі кулінарнымі шэдэўрамі.