Сустрэча мясцовых літаратараў
Мастацтва слова выдзяляецца з усіх іншых відаў дзейнасці чалавека. Словам можна падбадзёрыць, пакрыўдзіць, зламаць. А паэтычнае слова – сапраўдны дар, якім надзелены адзінкі.
28 студзеня ў Астравецкай раённай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Астравецкай зямлі галасы”.
Творчыя людзі сабраліся, каб падзяліцца поспехамі, пачытаць новыя творы, абмеркаваць план на бягучы год. З уступным словам выступіў кіраўнік аб’яднання Аляксандр Марозаў. Ён павіншаваў прысутных са святамі, падзяліўся творчымі поспехамі. Літаратар стаў фіналістам міжнароднага літаратурнага конкурса бардаўскай песні ў намінацыі “Паэзія”, а невялікая падборка яго вершаў была надрукавана ў часопісе “Звонница”. Адзін экзэмпляр з аўтографам аўтар падараваў бібліятэцы.
Закранулі члены аб’яднання і сумныя тэмы. Зусім нядаўна наша зямля страціла выбітных асоб – Адама Мальдзіса і Міколу Мятліцкага. Літаратары прыгадалі цёплыя сустрэчы і размовы з гэтымі асобамі.
Не абышлося і без паэзіі. Капіталіна Пятроўская, Таісія Сямёнава і Людміла Кухарэвіч пачыталі свае новыя вершы. Паэзія жанчын уразіла прысутных. Напрыканцы ўдзельнікі аб’яднання абмеркавалі тэматыку наступнага пасяджэння, а таксама паслухалі песню ў выкананні Людмілы Кухарэвіч. Сустрэча атрымалася цёплай, шчырай і па-сапраўднаму сяброўскай, прынесла шмат станоўчых эмоцый і зарад энергіі для стварэння новых літаратурных шэдэўраў.