Красавiк 1

Любуюся і ганаруся табой, родная старонка!

У межах краязнаўчага праекта “Аб мінулым – для будучага” ў Астравецкай раённай бібліятэцы на працягу вясновых канікул праходзілі дні літаратурнага краязнаўства “Любуюся і ганаруся табой, родная старонка!” Эпіграфам да мерапрыемстваў сталі радкі мясцовай паэтэсы Людмілы Кухарэвіч: “…Мая маленькая радзіма, святлом любові сваім узрасціла, твая вялікая душа, мая маленькая радзіма”.

Дзеці штодня здзяйснялі завочнае падарожжа па самых цікавых мясцінах Астравеччыны. Гервяты, Міхалішкі, Варняны – вось толькі некаторыя пункты, куды здзейснілі займальную вандроўку чытачы. Яны мелі магчымасць атрымаць інфармацыю і пра знакамітых людзей Астравеччыны. Постаці Казіміра Сваяка, Генрыха Сянкевіча, Янкі Быліны, Адама Мальдзіса, Станіслава Валодзькі былі дэталёва разгледжаны. Бібліятэкары расказалі пра ўплыў гэтых асоб на развіцце культуры і навукі. Пагаварылі і пра родны горад, яго адметныя мясціны і архітэктуру. А пасля акунуліся ў гісторыю. Зачыталі казку пра Астравец Ганны Чакур.

Свае веды ўдзельнікі маглі праверыць дзякуючы займальнай віктарыне “Праўда-няпраўда”, гульні “Знайдзі лішняе”. Яшчэ для дзецей былі падрыхтаваны цікавыя  пазлы, дзе патрэбна было скласці  і назаваць будынкі раёна.

Завяршылася мерапрыемства праглядам  відэароліка “Туризм без чемодана: едем в Островец”, які нагадае аб цудоўнай прыродзе і дзіўных людзях нашага  краю.




Апублікавана 01.04.2022 Голуб Н.В. у рубрыцы "Краязнаўства", "Лепшае 2022", "Мерапрыемствы", "Навiны

Добавить комментарий