Верасень 10

Узрост падарожжам не перашкода

5 верасня  члены клуба “Актыўнае даўгалецце” у суправаджэнні загадчыцы аддзела абслугоўвання раённай бібліятэкі Падворскай Т. М. адправіліся ў чарговую экскурсію па роднай краіне.

Першай кропкай прыпынку стаў Будслаў. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі вызваў вялікую цікавасць і захапленне ў экскурсантаў. Будслаўскі абраз Маці Божай – адзін з найбольш шануемых каталіцкіх абразоў, Папа Рымскі Ян Павел II у 1996 г. абвясціў гэту ікону патронкай Беларусі. Выява Божай Маці валодае цудатворнай сілай, многія прысутныя схіліліся перад ёй у шчырай і пранікнёнай малітве, просячы дапамогі ў вырашэнні сваіх праблем.

Наступнай кропкай прыпынку стаў Мядзел: Свята-Троіцкая царква і Касцёл Божай Маці Шкаплернай. У касцёле да экскурсантаў далучыліся члены клуба ветэранаў працы “Задушевный разговор”, створанага пры Мядзельскай раённай бібліятэцы.

Разам экскурсанты накіраваліся да Мядзельскай Кальварыі. Кальварыя ў Мядзелі – гэта 14 капліц, памерам тры на два з паловай метры, сімвалізуючых 14 стацый Крыжовай дарогі Хрыста, працягласць маршруту – каля 2,5 км. Завяршаецца Кальварыя на гары Трох крыжоў, адкуль адкрываюцца непаўторныя краявіды.

Затым экскурсанты адправіліся ў вёску Гатавічы ў “Аптэкарскі сад”. Цікавая экскурсія па тэрыторыі, духмяны чай, цёплая размова сталі завяршальным акордам гэтай паездкі.




Апублікавана 10.09.2018 Голуб Н.В. у рубрыцы "Залатая восень жыцця", "Мерапрыемствы

Добавить комментарий