Віншавальная акцыя да Дня маці
Кожны прыезд бібліобуса ў вёску — гэта свайго роду падзея для насельніцтва, асноўная частка якога — пенсіянеры. Пажылыя — гэта катэгорыя, якая патрабуе павышанай увагі і клопату з боку работніка бібліятэкі. Яны заўсёды з радасцю карыстаюцца паслугамі бібліобуса і з нецярпеннем чакаюць “кніжную машыну”, ведаючы, што ветлівы бібліятэкар ласкава прапануе “навінку”, параіць, падкажа. Ды і настрой падыме, кожны раз пацікавіўшыся жыццём-быццём. Бо добрае слова так важна, асабліва для старых, якія ў большасці сваёй пражываюць вось у такіх маленькіх вёсачках.
12 кастрычніка бібліятэкар бібліобуса Марына Здзіславаўна Лаздоўская наведала сваіх чытачоў напярэдадні Дня маці з віншавальнай сацыяльна-значнай акцыяй “Павіншуем маму разам!”. Яна прывезла жыхарам цікавыя кнігі, часопісы — бо добрая, разумная кніга — гэта залог добрага настрою, а значыць і душэўнага здароўя. Нездарма старажытныя грэкі называлі бібліятэку — аптэка для душы. Чытаючы кнігі, людзі прымаюць не толькі вітаміны ведаў, але і вітаміны настрою, шчырасці, дабрыні, міласэрнасці, памяці, фантазіі.
Усе жанчыны атрымалі ў гэты дзень віншавальныя паштоўкі да Дня маці і пажаданні здароўя, што стварыла добры настрой і ўсмешкі на тварах.