Каб кніга не была забытай!
23 мая Астравецкая раённая бібліятэка адзначылася актыўнай работай –кніга і часопіс зрабілі крок да чытачоў.
У гэты дзень супрацоўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі арганізавалі дзве акцыі – “Чытаючы горад” і “Бібліятэка без межаў”.
Першая доўжыцца тры гады. Аўтабібліятэка наведвае арганізацыі горада з кніжнымі выставамі, аглядам літаратуры і друкаванымі навінкамі. На гэты раз перад бібліятэкарамі гасцінна адчынілі дзверы аддзел па надзвычайных сітуацыях горада і адміністрацыя ДЛХУ “Астравецкі лясгас”.
Акцыя ж “Бібліятэка без межаў” стартавала толькі сёння і прайшла яна ў гарадскім скверы з 11 да 14 гадзін дня. Супрацоўнікі раённай бібліятэкі далі магчымасць адпачыць з кнігай на свежым паветры і дарослым і дзецям. Малыя дашкаляты і дзеці-школьнікі з задавальненнем займаліся размалёўкамі, пакуль іх мамы і бабулі запісваліся ў бібліятэку, выбіралі сабе літаратуру па душы. Акцыя плануецца на летні цёплы перыяд у аўторак і чацвер штотыдзень.
Такія мерапрыемствы, мяркуецца, прыцягнуць увагу насельніцтва да чытання кніг і дапамогуць папулярызаваць такі занятак у горадзе. І хоць чытанне не пад уладна сезонам, усё ж бібліятэкарам хочацца, каб і ўлетку кніга не заставалася забытай.