Верасень 3

Дзень пісьменства ў Слоніме

Упершыню ўдзел  у традыцыйным свяце нашай краіны  — Дні беларускай пісьменнасці прынялі і астравецкія бібліятэкары.

Літаральна ў пачатку пляцоўкі размясцілася славутая жалудовая кавярня з самай сапраўднай, пахучай кавай з лушчаных жалудоў. Здобраная мёдам і  малочнымі вяршкамі яна карысталася  папулярнасцю ў жыхароў Слоніма. Госці мелі магчымасць не толькі пакаштаваць напой з сапраўдных жалудоў, але і атрымаць рэцэпты. На асобных дубовых лістках-закладках гасцям была прапанавана  надрукаваная  інфармацыя аб той карысці для здароўя чалавека, якую нясе ў сабе жалудовая кава. Акрамя гэтага, сланімчанам прапанавалі рэцэпты іншых страў, якія можна прыгатаваць з гэтых пладоў: кісель з жалудовай кавы, суп жалудовы малочны, бліны з жалудовай мукі, галушкі жалудовыя з салам. Усе рэцэпты былі прыгожа  аформлены  асобнай брашурай, якую бясплатна атрымалі ўсе цікаўныя.

Здзіўлялі насельніцтва астравецкія бібліятэкары і сваім тэатралізаваным прадстаўленнем. За аснову было ўзята мясцовае паданне  пра дуб. Артысты-бібліятэкары некалькі разоў запар паказвалі сваё прадстаўленне для кожнага новага гледача. Там жа была разгорнута літаратурная  выстаўка кніг і публікацый, прысвечаных Яго Вялікасці Дубу.

Прываблівала гасцей сваімі аўтарскімі песнямі і вершамі Людміла Кухарэвіч. Адным словам, паглядзець, паспрабаваць і паслухаць гаспадарам слонімскай зямлі было што.




Апублікавана 03.09.2019 Голуб Н.В. у рубрыцы "Вынікі 2019", "Лепшае 2019", "Мерапрыемствы

Добавить комментарий