Верасень 15

Ганна Якубцэвіч: «Я і мае чытачы – адна сям’я!»

«Ёсць людзі на зямлі, з якімі пагаворыш, нібы сонца вып’еш… Пачынаеш увесь свяціцца знутры» – прыгадалася пасля сустрэчы з бібліятэкарам Рытанскай бібліятэкі Ганнай Якубцэвіч. Ад такіх, як яна, – простых, шчырых, лёгкіх, якія крыху саромеюцца, маўляў, пра іх «няма што расказваць», а на справе цікавых з розных бакоў  – сапраўды зараджаешся светлай энергетыкай. 

– Раніцай мужу кажу: «Ну што я буду гаварыць пра сябе? Раблю 21 год, хваліцца не ўмею», – разгублена сустракае мяне Ганна Сільвестраўна. – Бібліятэка – мой гонар і маё шчасце.

– З дзяцінства любіла чытаць. Ноччу хавалася з кнігай і ліхтарыкам пад коўдрай. Тата нічога не гаварыў пра маё захапленне, а мама забараняла доўга чытаць: па-першае, каб не паліць святло, па-другое, раніцай мне ў школу. А якое спаць, калі ў мяне «Палескія рабінзоны» ці «Мы з Санькам у тыле ворага» і хочацца хутчэй даведацца, што там далей?! – працягвае жанчына.

Дзяўчынка Аня з вёскі Літвяны хацела стаць медсястрой і ратаваць свет – не больш і не менш. Магчыма, на гэта паўплывала «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна. Праўда, пра гэтае бібліятэкар ужо забылася, але летась ёй пра гэта нагадала яе настаўніца рускай мовы Ванда Францаўна Шаблінская.

– Увесь гэты час яна захоўвала маё сачыненне на тэму «Кім я хачу стаць» і заўсёды, пакуль працавала ў школе, ставіла мяне ў прыклад, – расказвае жанчына. – У мінулым годзе сачыненне яна выкінула. Я, канешне, пашкадавала аб гэтым, казала, што трэба было мне аддаць, – неяк з узростам па-іншаму ставішся да таго, што некалі здавалася глупствам…

Пасля заканчэння Рытанскай школы Аня за кампанію з аднакласніцай паступіла ў Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум на бухгалтара. Падчас вучобы дзяўчына прачытала «Вой­ну и мир» і перад сном падрабязна і вельмі эмацыянальна (так, што чулі ў суседнім пакоі інтэрната!) пераказала сяброўцы – тую на наступны дзень спыталі па гэтым творы, і яна адказала на чацвёрку.

Працаваць Ганна вярнулася на малую радзіму ў саўгас «Рытанскі». Тут пазнаёмілася з будучым мужам Анатолем, таксама мясцовым, з Дуды, які быў вадзіцелем. Сямейнае жыццё не перашкодзіла жанчыне атрымаць вышэйшую адукацыю – завочна яна скончыла Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут. Дарэчы, вялікі горад не змог прывабіць яе – цягнула дадому, да таго ж у сям’і Якубцэвічаў ужо з’явіўся сын Руслан.

Ганна Сільвестраўна 15 гадоў адпрацавала ў саўгасе. І падабалася ёй тут, але… У 90-я гады ў сельскай гаспадарцы па паўгода не плацілі зарплату.

– Я вымушана была змяніць работу, – успамінае яна. – У бібліятэку шукалі чалавека на час, пакуль асноўны работнік будзе ў адпачынку па доглядзе дзіцяці, – я згадзілася. Думала, тры гады пабуду, а потым будзе відаць. Ды так і засталася. Праўда, аднойчы прапанавалі ізноў працаваць бухгалтарам. Я нават плакала тады: адмовіць цяжка, і да гэтага месца прывыкла. Муж кажа: «Не хочаш – не ідзі!»

Вось так «часовыя» 3 гады рас­цяг­нуліся на 21. Работу ў бібліятэцы Ганна Якубцэвіч уяўляла простай: кнігі пачытала і прапанавала чытачам. На справе выйшла інакш. На артыкулы ў газетах ці часопісах трэба зрабіць бібліяграфічныя картачкі: запытаецца чытач, напрыклад, пра лекавыя травы, – бібліятэкар паглядзіць па сваім каталогу.

Жанчыне парадамі да­па­ма­га­лі Данута Чар­ну­­шэвіч, якая тады ўзна­чальвала раён­ную куль­туру, дырэк­тар раён­най бібліятэкі Ве­ра Тумаш і ме­та­дыс­ты. Спат­рэбіліся і бух­гал­тарскія навыкі: па­­­ставіць кнігі на ўлік, афор­­міць біб­лія­гра­­фіч­­ныя картач­кі і фар­му­ляры… Гэта зараз ёсць камп’ю­тар, а раней усё ўручную рабілі.

У «падначаленні» ў Ганны Якубцэвіч толькі мастацкай літаратуры – 5 тысяч адзінак, не кажучы пра іншыя. Яна ведае ўсіх аўтараў і прачытала хаця б па адной кнізе кожнага – каб прапанаваць чытачам. З асаблівым захапленнем бібліятэкар расказвае пра дзіцячую і падлеткавую літаратуру.

– Якія цяпер прыгожыя кнігі, пазай­здросціць можна! А энцыклапедыі якія – даросламу цікава! – гаворыць жанчына. – Дарэчы, нядаўна чытала падлеткавыя кнігі з серыі «Неверагодныя гісторыі», спадабаліся. Параіла аднаму з мужчын-чытачоў – і ён таксама станоўча ацаніў.

Да некаторых чытачоў Ганна Сіль­вест­раўна з кнігамі прыязджае на веласіпедзе. Асаблівасць работы сельскай бібліятэкі ў тым, што бібліятэкар ведае кожнага чытача: чым ён жыве і што яго цікавіць, як яго здароўе і што ў яго на душы. Жанчына даўно вывучыла, хто якую літаратуру любіць. Так, напрыклад, ёсць пенсіянер, які чытае толькі пра вайну, а ёсць чытач, які любіць толькі прэсу. Мужчыны бяруць фантастыку, прыгоды, дэтэктывы. Жанчыны аддаюць перавагу кнігам, якія дазваляюць адпачыць душой, раманам. Адным падабаецца Дар’я Данцова, другім – Ірына Волчак. Цікавяцца літаратурай айчынных аўтараў і на беларускай мове, але дзеці часцей бяруць на рускай.

Год назад у бібліятэцы зрабілі рамонт – дзякуючы новай светлай мэблі памяшканне нібы павялічылася ў памерах. Такія перамены ўразілі чытачоў.

– Ёсць у мяне адзін з актыўных чытачоў, які працуе трактарыстам: чытае зімой, летам няма часу. Памятаю, як толькі мы пачалі працаваць пасля рамонту, ён дзверы адкрыў і ахнуў: не хацеў у ботах заходзіць, ледзь угаварыла, – расказвае Ганна Якубцэвіч. – А пажылая настаўніца – зараз ёй цяжка падняцца на другі паверх, я дахаты ёй кнігі прыношу – здымала абутак і толькі тады заходзіла. 

Бібліятэка, сцвярджае жанчына, жы­вы арганізм. І паспрачацца з ёй немагчыма. Бібліятэкар ладзіць ціка­выя мерапрыемствы. Пастаянна тут дзей­нічаюць выставы, прысвечаныя ўраджэнцам рытанскай зямлі, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, і якія знаёмяць з Астравеччынай, Гро­дзеншчынай і краінай у цэлым. У бібліятэцы працуе гурток «Кнігалюб».

– Некалі ў мяне быў клуб аматараў казак, потым – па вышыванні. Зараз я папулярызую чытанне, – гаворыць Ганна Якубцэвіч. – Калі з’явіўся інтэрнэт, не раз разважала, ці застанецца кніга. Упэўнена: яна не пойдзе ў небыццё. Адна з наведвальніц спрабавала чытаць электронную кнігу – але вярнулася за папяровай. Можа, звычайная прываблівае выглядам, магчымасцю пагартаць старонкі, пахам? Дакладана ведаю: калі чытаюць бацькі, дзяды – дзеці таксама будуць чытаць. Кніга – гэта акно ў свет, яна лечыць душу. 

Абодвух сыноў Ганна Сільвестраўна прывучыла да чытання – ўжо дарослыя, яны і цяпер сябруюць з кнігай. На добрым прыкладзе выхоўваюцца чацвёра ўнукаў. Старэйшы 10-гадовы Арцём перачытаў усе казкі Андэрсэна з Рытанскай бібліятэкі – разам з бабуляй хлопчык удзельнічаў у Міжнародным конкурсе выцінанак па творах пісьменніка. Таксама гэты творчы тандэм складаў казку на конкурс МНС.

– Ніколі не пашкадавала, што ў свой час змяніла месца работы. Усё ж не так проста я прыйшла ў бібліятэку: каб не любіла кнігу, не апынулася б тут, – лічыць Ганна Сільвестраўна. – А маю мару пра медыцыну ажыццявіў сын Руслан, які цяпер працуе ў Гервяцкай амбулаторыі. 

Ні дня без чытача – дэвіз Ганны Якубцэвіч. Штодзень у Рытанскую бібліятэку прыхо­дзяць людзі. І жанчына з гонарам кажа: «Я і мае чытачы – адна сям’я!»

Бліц-апытанне

– Кніга, якая ўразіла?

– Уладзімір Ліпскі «Мама. Малітва сына». Нібы пра маю маму, маю Радзіму, маё светаўспрыманне ў дзяцінстве.

– Русская ці беларуская літаратура?

– Аддаю перавагу беларускай. Падабаецца паэзія, магу заплакаць над вершам.

– Чым займаецеся ў вольны час?

– Люблю хадзіць у лес, слухаць прыроду. Захаплялася вышываннем, вязаннем, асвоіла ручное ткацтва – спадзяюся, на пенсіі буду ствараць нешта прыгожае. Пакуль займаюся кветкамі.


Наталля Фёдараўна Кульбіцкая, пенсіянерка:

– Вельмі добры ў нас біблія­тэкар, уважлівы. Яна заўсёды ведае, каму якую кніжку даць. Калі трэба, то і дахаты прынясе. Ды і чалавек Ганна Сільвестраўна душэўны, усё і ўсіх разумее. Мы з ёй знаёмы з дзяцінства: ра­зам у школу хадзілі і бібліятэку наведвалі. Калі я працавала настаўніцай пачатковых класаў, то вучыла яе дзяцей. 

Люблю прыходзіць у нашу бібліятэку. Летам нават для ўнукаў, якія прыязджаюць да мяне на канікулы, бяру тут кнігі. Сама аддаю перавагу дэтэктывам. Неяк перачытвала класіку – у дзяцінстве не так успрымаеш творы, цяпер па-іншаму.

http://www.ostrovets.by/news/novosti/news25987.html




Апублікавана 15.09.2020 Голуб Н.В. у рубрыцы "Мерапрыемствы", "Навiны

Добавить комментарий