Мы – сябры бібліятэкі
Першае ў гэтым годзе пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Ветразь” называлася “Мы – сябры бібліятэкі”, якое прайшло ў дзіцячай бібліятэцы. На ім зацвердзілі спіс членаў аб’яднання, выбралі актыў на 2021 год. Новыя ўдзельнікі ў гульнёвай форме пазнаёміліся з іншымі членамі клуба.
Школьнікі ўспомнілі дэвіз, абмеркавалі эмблему свайго клуба – ветразь, які сімвалізуе творчасць, мары, новыя дасягненні. Дзецям прывялі прыклады гэтага сімвала ў літаратуры, сярод якіх узгадалі твор А.Грына “Алые паруса” і паглядзелі ўрывак з фільма па аднайменнай аповесці.
Разам з бібліятэкарамі дзеці падвялі вынікі свайго ўдзелу ў жыцці бібліятэкі за 2020 год, разгледзелі фотаздымкі з мерапрыемстваў, абмеркавалі, што было запланавана і зроблена. Абмеркавалі бліжэйшыя планы ўдзелу ў бібліятэчных мерапрыемствах. Узгадалі школьнікі і творчыя конкурсы з мінулых пасяджэнняў.
Ахвотна ўдзельнікі аб’яднання ўспомнілі, якімі героямі яны былі падчас гульнёвых праграм, прымерылі свае маскі і касцюмы, сфатаграфаваліся ў гэтых вобразах. Завяршылася сустрэча тым, што кожны ўдзельнік атрымаў фірмовыя бэйджы з выявай ветразя і памятныя сувеніры.